НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР (Národní divadlo),

буйнейшы тэатр Чэхіі; адзін з цэнтраў нац. культуры. Пабудаваны ў 1881 у Празе. Пасля пажару адбудаваны і адкрыты ў 1883 пастаноўкай оперы Б.​Сметаны «Лібушэ»; у 1884 паст. першы балет «Гашыш» К.​Коваржавіца. Уключае самастойную оперную, балетную і драм. трупы. З 1920 драм. спектаклі, камерныя оперы і балеты ідуць у б. Саслоўным т-ры (цяпер Т-р імя І.​Тыла), з 1948 оперы і балеты — у Т-ры імя Сметаны. У рэпертуары класічныя і сучасныя творы нац. і замежных кампазітараў і драматургаў. Значны ўклад у развіццё т-ра зрабілі дырыжоры Коваржавіц, О.​Острчыл, В.​Таліх, З.​Халабала, Я.​Кромбгальц; балетмайстры І.​Блажак, І.​Енчык, М.​Кура, С.​Махаў, І.​Немечак; рэжысёры І.​Гонзль, Я.​Квапіл, Ф.​Колар, І.​Маршалек, Р.​Полак, Я.​Пруха, Ф.​Пуйман і інш. У розны час у т-ры працавалі спевакі Г.​Бенячкава, К.​Берман, Б.​Блахут, К.​Бурыян, Э.​Дэсцінава, І.​Жыдак, В.​Зітак, Н.​Кніплава, Л.​Марава, М.​Махаткава, А.​Мікава, І.​Міксава, Э.​Полерт, Р.​Тучак, Б.​Фёрсграва-Лаўтэрэрава, Г.​Хорватава, салісты балета Н.​Гайдашава, М.​Дротнерава, І.​Петршык, В.​Скалава, З.​Шэмберава, В.​Шылганава і інш.

т. 11, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)